21.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У судзе Ленінскага раёна Брэста 8 жніўня агучылі прысуд чатыром берасцейцам, якіх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года. Палітзняволеным Алегу Літвінчуку і двум братам Мацвею і Леаніду Аверчукам прызначылі паўтара года зняволення, а Аляўціне Гудковай — адзін год зняволення. 

21.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Мінскім гарадскім судзе прызначылі разгляд крымінальнай справы супраць Таццяне Марыніч, Анастасіі Хамянковай, а таксама Яўгена Пугача. Іх абвінавачваюць агулам паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку паводле ч. 1 арт. 357 КК "змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Таццяну Марыніч і Анастасію Хамянкову будуць судзіць завочна, а Яўген Пугач утрымліваецца пад вартай з ліпеня 2023 года. Справу прызначаны весці Любоў Сімахіна. 

21.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, праваабаронцы, спецвытворчасць У Гродзенскім абласным судзе 19 жніўня агучылі завочны прысуд журналісту і праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу. Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Верагодна, прычынай пераследу стаў аўтарскі блог журналіста. Суддзя Ігар Собалеў на пятым судовым пасяджэнні вынес прысуд праваабаронцу –пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама завочна пастанавілі выплаціць штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40000 рублёў), а ў выпадку нявыплаты канфіскаваць некаторую маёмасць, сярод якіх кватэра ў Гродне і вясковы дом. 

20.08.2024 Тэгі: суды, палітвязні, ціск У судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня адбыўся суд над палітвязням Аляксандрам Францкевічам, асуджаным раней да 16 гадоў і дзевяці месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Мікалай Сяргейка прызначыў палітвязню яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

20.08.2024 Тэгі: палітвязні, рэпрэсіі 16 жніўня Лукашэнка падпісаў Указ аб памілаванні 30 палітзняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, а некаторыя з іх маюць сур'ёзныя захворванні. За апошнія суткі з калоній па памілаванні пачалі выходзіць палітзняволеныя. На цяперашні момант праваабаронцам "Вясны" вядомыя прозвішчы сямі вызваленых палітвязняў. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых. 

20.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Брэсцкі абласны суд 25 ліпеня асудзіў 63-гадовага трэнера па настольным тэнісе Юрыя Лагадзюка да двух гадоў калоніі, піша "Берасцейская Вясна". Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Сутнасць абвінавачвання праваабаронцам невядомая. Прысуд вынес Андрэй Сіз. 

20.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні 47-гадовы Васіль Кавалёў мусіў выйсці на волю ў сакавіку 2024 года з барысаўскай калоніі № 14, дзе ён адбываў папярэдні тэрмін. Але перад вызваленнем супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). 11 чэрвеня 2024 года ў Барысаве суддзя Людміла Зінкевіч разглядзела новую крымінальную справу супраць Васіля, але вынік суда пакуль невядомы. Палітвязень абскарджвае прысуд. 

20.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, спецвытворчасць У Гродзенскім абласным судзе 19 жніўня вынеслі завочны прысуд сёстрам Надзеі Сцепанцовай і Жанне Захаркевіч, якіх раней асудзілі да "хіміі" за ўдзел у пратэстах. Іх абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове). Спецвытворчасць супраць іх узбудзілі ў траўні гэтага года, а судзіць пачалі 5 жніўня. У выніку суддзя Юрый Казакевіч прызначыў жанчынам па новай крымінальнай справе па чатыры гады калоніі. Таксама суд дадаў да тэрміну неадбытую "хімію", ад якой яны збеглі з Беларусі, і агулам прызначыў Надзеі Сцепанцовай пяць гадоў і шэсць месяцаў зняволення, Жанне Захаркевіч — пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

20.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Віцебскім абласным судзе 20 жніўня распачаўся другі суд над былой старшынёй незалежнага прафсаюза "Нафтан" з Наваполацку Вольгай Брыцікавай, якую ў красавіку асудзілі да трох гадоў калоніі. Гэтым разам жанчыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Справу разглядае суддзя Яўген Буруноў.

20.08.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм У Віцебскім абласным судзе 28 жніўня распачнецца суд над 34-гадовым інспектарам сектара спорту і турызму Верхнядзвінскага райвыканкаму Аляксеем Кісялёвым. Па справе ініцыятывы "Кадравы рэзерв для новай Беларусі" яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-5 (Праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Адзначым, што гэта толькі другі суд у Беларусі паводле арт. 361-5 КК — гэты артыкул быў уведзены ў Крымінальны кодэкс Беларусі толькі ў 2021 годзе. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Юрый Урбан.