Паўлу Севярынцу вынесенае афіцыйнае папярэджаньне
8 траўня сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец быў выкліканы ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Фрунзэнскага раёну Менску, дзе яму вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне «пра недапушчальнасьць супрацьпраўных дзеяньняў». Павал Севярынец зьвязвае гэта з чэмпіянатам сьвету па хакеі, які распачынаецца ў Менску.
Калгасы Пастаўшчыны праігнаравалі кірмаш, арганізаваны ўладамі
Зь дзевяці сельгаспрадпрыемстваў у кірмашы ўзялі ўдзел толькі тры гаспадаркі. Такія кірмашы мясцовыя ўлады арганізоўваюць як мінімум два разы на год. Удзел гаспадарак у іх можна вызначыць як добраахвотна-прымусовы. Гаспадаркам прадпісваюць колькасьць прадукцыі, якую яны павінны прывезьці на кірмаш.
Незалежную журналістку пазбавілі магчымасьці абскардзіць рашэньне міліцыі
Журналістка Алена Сьцяпанава атрымала пісьмовае паведамленьне з Кастрычніцкага РАУС Віцебску пра тое, што адміністрацыйная справа, распачатая супраць яе, скасаваная. Аднак афіцыйную пастанову ёй не даслалі, і тэрмін для абскарджаньня пастановы ўжо скончыўся.
Дзяржорганы адмовіліся зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд
Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік ня здолеў пераканаць найвышэйшыя дзяржаўныя органы зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд Беларусі. Праваабаронца хацеў даведацца пра пазыцыю суду наконт адпаведнасьці артыкулаў 120, 122-124 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Канстытуцыі краіны і міжнародным дамовам.
Кампанія за пабудову новага паліклінічнага комплексу распачалася ў Віцебску
У Віцебску адбылося першае паседжаньне сяброў і прыхільнікаў “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”, якія ў межах кампаніі “Народнае самакіраваньне” будуць вырашаць праблему пабудовы паліклінічнага комплексу ў мікрараёне Білева. На паседжаньні былі абмеркаваныя пытаньні кампаніі, прайшоў трэнінг, а пасьля ўдзельнікі паседжаньня выйшлі “ў поле”. За адзін дзень сабрана больш за 200 подпісаў. Пробны выхад быў яшчэ 2 траўня, калі было сабрана 107 подпісаў.
Віцебскі абласны суд ня стаў публічна разглядаць справу Георгія Станкевіча
Настаўнік зь Бешанковічаў, паэт і бард Георгі Станкевіч падаў касацыйную скаргу на рашэньне раённага суду, які 3 красавіка аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь за выраб і распаўсюд газэты “Крывінка”, якая выдаецца на ўласныя сродкі заснавальніка. Аднак сам Станкевіч ня змог прыехаць на разгляд скаргі. Судзьдзя Сьвятлана Іванова праігнаравала тую акалічнасьць, што ў судовай залі сабраліся неабыякавая да выніку людзі, віцебскія праваабаронцы, і ня стала разглядаць справу публічна.
Андрэй Гайдукоў – на волі!
Вызваленьне з калёніі «Віцьба-3» палітвязьня Андрэя Гайдукова стала сапраўднай спэцапэрацыяй, арганізаванай з мэтай не дапусьціць ягоную сустрэчу ля турэмнай брамы. Андрэю Гадукову загадалі пачаць зьбіраць рэчы а 6-й раніцы, хоць звычайна з калёніі выпускаюць аб 11-й. А 7-й яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль, адвезьлі на вакзал у Віцебску, далі 20 тысяч рублёў, каб ён змог даехаць да сваякоў. Такім чынам, каля турэмнай брамы яго сустрэць не ўдалося.
Віцебск застаецца лідэрам па коштах на жытло
Цэны на кватэры ў Віцебску па-ранейшаму вышэйшыя за іншыя абласных цэнтры. Аднак з пачатку году сярэдняя цана прададзеных кватэр у горадзе над Дзьвіной вырасла ўсяго на 0,9%, а яшчэ ж у IV квартале 2013 году тэмпы росту складалі вялікія 6,9%, паведамляе realt.by.
Незалежны прафсаюз работнікаў «Нафтану» падаў у суд на Наваполацкі гарвыканкам
2 траўня пяршоўка Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) працаўнікоў ААТ «Нафтан» падала пазоў у суд на Наваполацкі гарвыканкам, паведаміў лідэр арганізацыі Іван Сьвятоха (на фота). Адзінае патрабаваньне да ўладаў - адмяніць рашэньне аб ануляваньні рэгістрацыі дадатковага пагадненьня пяршоўкі БНП аб далучэньні да калектыўнай дамовы.
Ратацыя кіраўніцтва ў Віцебскім аблвыканкаме
5 траўня старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец прадставіў публіцы свайго новага першага намесьніка. Ім стаўся Грабнёў Генадзь Іванавіч (на фота), кандыдатуру якога на гэтую пасаду надоечы ўзгадніў Лукашэнка. Да таго новасьпечаны «віцэ-губэрнатар» працаваў кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. На новай пасадзе ён замяніў Уладзімера Навацкага, які стаў першым намесьнікам старшыні аблвыканкаму ў далёкім 2002-м годзе.