Улады забаранілі ўсе масавыя мерапрыемствы апазыцыі, якія мусілі адбыцца ў Віцебску 27 ліпеня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі пра незалежнасьць Беларусі. Прычына забароны - заяўнікі не выканалі рашэньня гарвыканкаму № 881 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”.

На прыём да намесьніка старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Цярэнцьева хацелі трапіць прадстаўнікі грамадзкіх стрктур, якія прапануюць ініцыяваць “Народны рэфэрэндум” – Юрась Губарэвіч, Андрэй Дзьмітрыеў і Аляксей Янукевіч, якія прыехалі зь Менску, а таксама віцебскія актывісты Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў і Лідзія Сагідуліна. Пасьля доўгіх спрэчак да чыноўніка прапусьцілі толькі трох актывістаў. А прадметам размовы была немагчымасьць атрымаць дазвол на правядзеньне масавых мерапрыемстваў.

4 жніўня спаўняецца два гады з таго моманту, як кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі апынуўся за кратамі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі вядомага беларускага праваабаронцу вязьнем сумленьня і патрабуюць ад уладаў краіны яго неадкладнага вызваленьня. У другую гадавіну зьмяшчэньня Алеся Бяляцкага пад варту яго віцебскія калегі вырашылі зладзіць шэраг пікетаў.

Жыхары Віцебску зьвярнуліся ў аблвыканкам з заявай аб зьмяненьні парадку прыняцьця рашэньняў аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у горадзе. Калектыўны ліст падпісалі 40 чалавек. Зварот вымушаны, бо цягам некалькі апошніх гадоў віцебскія ўлады не далі ніводнага дазволу на правядзеньне ніводнага мітынгу альбо пікету.

Любоў Кавалёва і Тацьцяна Козяр – маці і сястра асуджанага да сьмяротнага пакараньня і расстралянага 15 сакавіка 2012 году Ўладзіслава Кавалёва, абіванавачанага ў тэракце ў мэтро ў Менску, зьвярнуліся ў суд Кастрычніцкага раёну сталіцы са скаргай на неправамерныя дзеяньні Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэту дзяржбясьпекі. Родныя Кавалёва лічаць, што адмова паведаміць зьвесткі пра месца пахаваньня Ўладзіслава парушае міжнародныя стандарты, а таксама зьвяртаюць увагу на парушэньне Закону “Аб зваротах грамадзян”.

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які адбывае тры гады абмежаваньня волі за Плошчу-2010 у Купліне, атрымаў трохдзённы адпачынак, падчас якога ён наведаў Віцебск, дзе жывуць яго бацькі. Да заканчэньня тэрміну зьняволеньня Паўлу засталося тры месяцы.

На 27 ліпеня ў Віцебску замоўлены пікет салідарнасьці з палітвязьнямі. Заяўку пра гэта ў адміністрацыю Першамайскага раёну накіравалі актывісты Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў. У заяве гаворыцца, што мэта пікетаваньня – сьвяткаваньне ўгодкаў прыняцьця Дэклярацыі пра незалежнасьць Беларусі і патрабаваньне неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў. Мерапрыемства плянуецца ў вызначаным уладамі месцы – у Парку імя 30-годзьдзя ВЛКСМ.

У пракуратуру Віцебскай вобласьці за першае паўгодзьдзе паступіла 60 электронных зваротаў грамадзян, паведаміла намесьніца начальніка арганізацыйна-кантрольнага аддзелу ведамства Сьвятлана Зайцава. Паводле ейных слоў, усяго за першае паўгодзьдзе ў ворганы пракуратуры вобласьці паступіла каля 4,7 тыс. пісьмовых зваротаў. На асабістым прыёме супрацоўнікамі прынятыя 2,9 тыс. чалавек, зь іх 441 - па месцы жыхарства і працы.

Напярэдадні 22-ай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, „Дыялёг” вырашыў даведацца, якія мерапрыемствы на гэты дзень плянуе абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў.

Актывісты апазыцыйных партыяў падалі ў раённыя адміністрацыі Віцебску заявы на правядзеньне масавых мерапрыемстваў. У адміністрацыю Чыгуначнага раёну зьвярнуўся абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў, які заявіў пра правядзеньне мітынгу, прысьвечанага 22-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. А сябра КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў хоча зладзіць у Кастрычніцкім раёне пікет, мэта якога – давесьці да ведама грамадзян інфармацыю пра небясьпеку, якую нясе для незалежнасьці Беларусі разьмяшчэньне на тэрыторыі краіны расейскіх ваенных баз.