Актывісты Віцебску патрабуюць вызваліць доктара Пастнова з вар’ятні
Прадстаўнікі розных дэмакратычных структур зьбіраюць подпісы пад зваротам да пракурора вобласьці, дзе просяць вынесьці пратэст на рашэньне суду, згодна зь якім віцебскага лекара Ігара Пастнова зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь. Праваабаронцы прапануюць правесьці пікеты салідарнасьці з Пастновым, якому пастаўлены дыягназ «хранічнае разладзьдзе з трызьненьнем» пасьля крытычных выступаў пра стан і дзейнасьць мясцовых мэдычных установаў і пазыцыю старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца.
Суд не задаволіў скаргу маці і сястры Ўладзіслава Кавалёва
Калегія Менскага гарадзкога суду адмовіла Любові Кавалёвай і Тацьцяне Казяр у задавальненьні скаргі на дзеяньні суду Кастрычніцкага раёну Менску. Маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва, пакаранага сьмерцю за тэракт у менскім мэтро, прасілі суд вышэйшай інстанцыі прызнаць неправамернай адмову раённага суду распачаць грамадзянскі працэс адносна шэрагу органаў найвышэйшай дзяржаўнай улады, якія адмаўляюцца раскрыць месца пахаваньня расстралянага.
Віцебская прадпрымальніца: Заявы віцэ-прэм’ера Пракаповіча пустыя
Віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч расказаў прыватнаму бізнэсу пра яго задачы. Па-першае, у наступнай пяцігодцы забясьпечыць 50% валавага ўнутранага прадукту (цяпер гэта каля 20%). Па-другое, чыноўнік параіў прадпрымальнікам заняцца вытворчасьцю і гандляваць айчыннай прадукцыяй, а ня скардзіцца на новы тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу адносна прадукцыі лёгкай прамысловасьці. Старшыня арганізацыйнай групы па стварэньні беларускага прафсаюзу “Разам” Ірына Яскевіч лічыць такія заявы чыноўніка пустымі:
Грошы, выдаткаваныя фэрмэру на сховішча для гародніны, згубіліся ў габінэтах віцебскіх чыноўнікаў
У сапраўдную эпапею ператварыўся ўдзел віцебскага фэрмэра ў рэспубліканскай праграме па будаўніцтве сховішчаў для гародніны. Як паведамляе АНТ, новае сучаснае сховішча павінна было запрацаваць у сялянска-фэрмэрскай гаспадарцы “Вармас” да восені. Для гэтага фэрмэр Віктар Багачоў і ўступаў у рэспубліканскую праграму - тры месяцы зьбіраў дакумэнты і зьвяртаўся ў аблвыканкам. Але гатоўнасьць абяцанага сховішча для гародніны толькі 90%.
Леанід Аўтухоў заклікаў дэпутатаў да адказнасьці
Паводле зьвестак, распаўсюджаных у СМІ, на чарговай сэсіі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь будуць разгледжаныя папраўкі ў Выбарчы і Адміністрацыйны кодэксы Рэспублікі Беларусь. Згодна з наяўнай інфармацыяй, будзе забароненая агітацыя за байкот выбараў, а за ажыццяўленне такой агітацыі будуць прадугледжаныя адміністрацыйныя санкцыі. У сувязі з гэтым ў Камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў зьвярнуўся старшыня Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леанід Аўтухоў.
Жыхары Барані патрабуюць грамадзкіх слуханьняў наконт новай ЦЭЦ
Яны зьвярнуліся ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і мясцовы гарвыканкам з калектыўнымі лістамі, дзе выклалі свае прэтэнзіі. Адказ з выканкаму ўжо атрыманы, але ён несуцяшальны. У лісьце за подпісам старшыні Баранскага гарвыканкаму Васіля Русакова сказана толькі пра тое, што будоўля ЦЭЦ на мясцовых відах паліва прадугледжаная праграмай разьвіцьця энэргетычнай сыстэмы ў Беларусі, прынятай у 2007 годзе, і што «ўзровень забруджваньня выкідамі ў атмасфэру і сьцёкамі адпавядае нормам».
У Віцебску пачалі змагацца з крайкамі
Прыхільнікі кампаніі «Дэпутатаў - да адказу» зь Віцебску распачалі кампанію «Віцебчукі супраць высокіх бардзюраў!». Яны вырашылі праверыць, ці адпаведаюць нормам пешаходныя пераходы і ходнікі Віцебску. Згодна з гэтымі нормамі, вышыня бартавых камянёў праезнай часткі ў месцах скрыжаваньня з ходнікамі і роварнымі дарожкамі павінна быць ад 2,5 да 4 цантымэтраў.
Лекару Ігару Пастнову дапаможа адвакат
Ігар Пастноў заключыў дамову з адвакатам на складаньне касацыйнай скаргі на рашэньне суду Віцебскага раёну. Адвакат складзе скаргу пасьля дэталёвага знаёмства з рашэньнем судзьдзі Тацьцяны Дзегцяровай, вывучэньня акалічнасьцяў судовага працэсу, на якім не было ні самога Пастнова, ні яго абаронцы, а толькі судзьдзя і намесьнік галоўурача віцебскага абласнога псыхіятрычнага шпіталя спадар Панамароў. Потым ён завязе касацыйную скаргу на подпіс да Ігара Паснова, які ўжо больш за тыдзень утрымліваецца ў псыхіятрычным шпіталі.
Футбаліст Аляксей Халецкі: Спартовы чыноўнік адкрыта сказаў: «Так, вас ашукалі»
Былы абаронца футбольнага клюбу “Віцебск” Аляксей Халецкі прыгадаў час, праведзены ў клюбе. І распавёў пра падман чыноўнікаў наконт спартыўнай Віцебскай вобласьці: “Непрыемна зьдзівіла, што ашукалі ўвесь калектыў наконт грошай. І была абыякавасьць да каманды з боку мясцовых уладаў. Гэткай чынавенскай абыякавасьці да футбола я не сустракаў у ніводнай камандзе, дзе гуляў. Корань праблем віцебскага спорту ў тым, што працаўнікі аблвыканкаму і гарвыканкама абыякавыя да гульнявых відаў. А замест дапамогі футболу яны прыкрываюцца нейкімі мэдалямі па відах спорту, якія мала каму цікавыя”.
Віцебскі абаронца грамадзянскіх правоў зьвярнуўся па абарону да спэцдакладчыка ААН
Віцябчук Пётар Іваноў накіраваў скаргу на дзеяньні службовых асоб дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь на адрас спадарыні Маргарат Сэкаг’і, спэцдакладчыка Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньні аб сытуацыі з праваабаронцамі. Ён просіць прызнаць, што службовыя асобы дзейнічалі ў адносінах да яго як праваабаронцы недапушчальным чынам, супярэчачы духу і літары «Дэклярацыі аб праве і абавязку пэўных асоб, груп і органаў грамадзтва падтрымліваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды».