Аршанец Раман Кузьмянкоў пачаў штотыдзень выходзіць на адзіночныя пікеты. На сваім другім пікеце 21 траўня ён ізноў стаяў з самаробным плякатам «Па 500 тут няма» – вядзецца пра калісьці абяцаныя заробкі беларусам у 500 даляраў на месяц.

Віцебскі прадпрымальнік Анар Іваноў распачаў галадоўку 19 траўня, патрабуючы, каб улады  пацьвердзілі ягонае права ўласнасьці на памяшканьне, якое арандуе ўжо 20 гадоў. Патрабуе таксама зьмяніць вокны, празь якія ледзь не здарылася трагедыя.

Віцебскія дзевяціклясьнікі Павал і Сяргей 19 траўня вырашылі замерыць рэйтынг Лукашэнкі, паведамляе Радыё Свабода. Хлопцы выйшлі з плякатам «Пасыгналь, калі супраць Лукашэнкі» на Маскоўскі праспэкт, каб паназіраць, ці часта ім будуць сыгналіць кіроўцы.

Маці асуджанага на 14 гадоў паводле арт. 328 КК РБ віцяблянка Натальля Шарыпа зьвярнулася да народу Беларусі з просьбай падтрымаць патрабаваньні галадоўніц “Матчынага Руху 328” аб амністыі асуджаных, правядзеньні судовай рэформы і адстаўцы міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Пра гэта жанчына паведаміла на сваёй старонцы ў “ВКонтакте”. У допісе ўдакладняе, што галадоўку абвесьціла яшчэ 3 траўня падчас прамога эфіру ў вечаровых навінах тэлеканалу “Белсат”.