Віцебскія ўлады чарговым разам абяцаюць усталяваць у Віцебску помнік князю Альгерду. Але гэта будзе ня той помнік, якога тут чакалі. За 4 гады, пакуль скульптуру вялікага князя абмяркоўвалі ды зацьвярджалі, памяняўся яе аўтар, зазнаў зьмены і сам праект.

Другі выпуск “Полацка-Віцебскай старыны”, выдадзены ў 1912 годзе ў віцебскай друкарні Нэймана, прадаюць на расейскім электронным аўкцыёне за 430 даляраў. Кніга, мяркуючы па дадзеных прадаўца, знаходзіцца ў Маладэчне. Аўкцыён заканчваецца 21 чэрвеня. Мінімальны кошт лоту 14 000 расейскіх рублёў, а імгненна яго можна выкупіць за 15 000 расейскіх рублёў, што паводле сёньняшняга курсу складае каля 430 даляраў.

У лютым 2013 году ў Віцебску на месцы былога бэрнардынскага кляштару распачалося будаўніцтва адміністрацыйна-гандлёвага цэнтру. Будынак, што будуецца, зьяўляецца прыбудовай да дому №35 па вуліцы Леніна, які адносіцца да помнікаў архітэктуры канца XIX - пачатку XX стагодзьдзя. Нягледзячы на гэта, разам з новай прыбудовай абносяць бэтонным плотам і частку гістарычнага будынку, перакрываючы свабодны доступ да помніку архітэктуры, што зьяўляецца парушэньнем права на доступ да культурных каштоўнасьцяў.

Больш за 60 чалавек прыйшлі ў Віцебску на першы занятак бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова». Вядоўцамі выступілі стваральнікі менскіх курсаў Алеся Ліцьвіноўская і Глеб Лабадзенка. У сталіцы курсы праходзяць са студзеня 2014 году. Канцэпцыя заняткаў - неакадэмічнае вывучэньне беларускай мовы.

11 траўня больш за дзьвесьце чалавек сабралася каля рытуальнай залі абласнога клінічнага шпіталя ў Віцебску, каб разьвітацца зь любімым паэтам. На жалобнай урачыстасьці прысутнічалі супрацоўнікі практычна ўсіх устаноў культуры гораду, прадстаўнікі грамадзкіх і творчых арганізацыяў, прыйшлі былыя калегі Давіда Рыгоравіча па тэлебачаньні і проста жыхары Віцебску.