4 красавіка ў памяшканьні арт-базы “Vitebsk4Me” адбылася сустрэча з кандыдатам гістарычных навук Анатолем Трахімчыкам, аўтарам кнігі «1939 год і Беларусь: забытая вайна», якая выйшла з друку летась, якраз у сумны 75-гадовы юбілей пачатку Другой сусьветнай вайны.

Чытачы charter97.org дасылаюць фота полацкіх помнікаў, якія знаходзяцца ў недагледжаным стане зь віны гарадзкіх уладаў. Гарадзкія ўлады не сьпяшаюцца іх рамантаваць. «Паглядзіце, вось як выглядае помнік нашаму Сімяёну Полацкаму. Нікому няма справы!» – піша чытач.

Павысіць узровень веданьня роднай мовы прапануе ўсім ахвотным Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе з 1 красавіка адкрыліся адмысловыя навучальныя курсы «Дзелавая беларуская мова».

Аршанцы абураныя дзеяньнямі прадпрымальніка, які не дазваляе вярнуць на набыты ім будынак шыльду і гарэльеф памяці іх земляка, пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Шыльда і гарэльеф з выявай пісьменьніка з 1990 году былі на першым будынку вуліцы Караткевіча. Некалькі месяцаў таму яна зьнікла, калі ў будынку пачаўся рамонт. Цяпер ён скончаны, але шыльда на сваім ранейшым месцы не зьявілася.

Імя Рыгора Барадуліна будзе насіць вуліца, дзе стаіць дом паэта, у які ён прыяжджаў зь Менску, а таксама школа, якая знаходзіцца на гэтай вуліцы. Ва Ўшацкім музэі пашыраць частку экспазыцыі пра Рыгора Барадуліна. Зь ініцыятывай ушанаваць на радзіме памяць Рыгора Барадуліна выступілі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Рада Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, шэраг іншых грамадзкіх аб’яднаньняў.