Апоўдні 28 студзеня трыста-чатырыста індывідуальных прадпрымальнікаў сабраліся ў Віцебску на плошчы ля будынку аблвыканкаму. Перш чым трапіць на заплянаваную сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады, дробныя гандляры з Віцебску, Полацку і Наваполацку прайшлі арганізаванай калёнай па вуліцы Леніна да будынку Віцебскай філіі Міжнароднага ўнівэрсытэту «МІТСО». Аднак актавая заля гэтай навучальнай установы не зьмясьціла такой вялікай колькасьці наведнікаў.

Рабочыя будаўнічага трэсту №22 гораду Полацку запісаліся на прыём да намесьніка старшыні райвыканкаму. Сустрэча мае адбыцца 17 лютага. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні суполкі «Полацак і Наваполацак» у сацыяльнай сетцы «УКантакце».

19 студзеня віцебскі прадпрымальнік Анар Іваноў спыніў шасьцідзённую галадоўку, якую абвясьціў у сувязі з прэтэнзіямі да ЖРЭУ Першамайскага раёну. Пасьля капітальнага рамонту цана арэнды была павялічана ўтрая. Аднак квітанцыя на аплату не зьмяшчала ніякай адзнакі, што грошы пойдуць менавіта на арэнду.

Разгледзеўшы зварот сяброў першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно», кіраўнік полацкай эпідэміялягічнай службы Міхаіл Гурыновіч заявіў: «У санітарных нормах і правілах адсутнічаюць патрабаваньні да абавязковага прыняцьця душу работнікамі пасьля заканчэньня працоўнай зьмены». У той самы час інструкцыя па ахове працы абавязвае большасьць рабочых заводу прымаць душ пасьля працы.

Для дробнага бізнэсу ўказ №222 невыканальны. Казаць пра гэта трэба ўсімі даступнымі мэтадамі. Пра гэта заявіла адна зь лідэраў віцебскіх прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч. Яна распавяла пра сытуацыю на рынках абласнога цэнтру.