У пачатку сакавіка ў Глыбоцкім гарадскім доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 60-годдзю з дня ўтварэння Глыбоцкіх электрычных сетак. А ўжо праз некалькі дзён пасля гэтага ў арганізацыі пачаліся чысткі па палітычных матывах. Там былі звольненыя людзі не толькі за тое, што хадзілі на акцыі, але і за тое, што ставілі подпісы падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі не за Лукашэнку, за тое, што дапамагалі фінансава тым, каго ўлады незаконна штрафавалі, ды і ўвогуле за салідарнасць з іншымі беларусамі і нелаяльнасць да цяперашняй улады ў Беларусі.

На 1 лістапада больш за 7,4 тыс. вакансій прапануюць жыхарам Віцебскай вобласці наймальнікі рэгіёну. Аднак 97% вакансій можна аднесці да катэгорыі «няякасных», бо аплата працы ў гэтых прапановах значна ніжэйшая за сярэднюю налічаную зарплату работнікаў рэгіёну, якая склала ў верасні 1402,4 рубля. 

Па ініцыятыве ўладаў Віцебска 15 кастрычніка прайшоў агульнагарадскі суботнік, у якім прынялі ўдзел больш за 56 тысяч гараджан. Удзельнікі суботніка працавалі на сваіх працоўных месцах або ажыццяўлялі добраўпарадкаванне тэрыторый і сацыяльных і іншых аб'ектаў. Падчас гэтага мерапрыемства віцябляне зарабілі 344 тысячы рублёў. Гэтыя грошы ўжо пералічаны на рахунак гарадскога выканаўчага камітэта. Як і раней узнікаюць пытанні аб добраахвотнасці ўдзелу людзей у гэтым сумнеўным "свяце працы".

У бягучым годзе ў Віцебскай вобласці ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінулі 10 работнікаў, цяжкія траўмы атрымаў 51 чалавек. Рызыку траўміравання і гібелі на вытворчасці найбольш падвяргаліся вадзіцелі аўтамабіляў, жывёлаводы і дапаможныя рабочыя. Сярэдні ўзрост пацярпелых - 47 гадоў. Значны рост узроўню вытворчага траўматызму зафіксаваны на тэрыторыі Бешанковіцкага, Віцебскага, Лёзненскага, Міёрскага, Аршанскага, Пастаўскага, Шаркаўшчынскага, Шумілінскага раёнаў і Наваполацка.

Выконваючага абавязкі старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу Максіма Пазнякова затрымалі ранкам 17 траўня каля дзіцячага садку, куды лідар недзяржаўнага прафсаюзу адводзіў сваіх дзяцей. Затрыманне праводзілі людзі ў цывільным, якія пад’ехалі на аўтамабілі без апазнавальных знакаў. Праз два дні ў Наваполацкім судзе прайшоў судовы працэс, дзе Максім Пазнякоў быў прызнаны вінаватым у незаконным пікетаванні за «аватаркі» у Фэйсбуку.