Актывіст «Народнай Грамады» і бацька 4-х дзяцей Андрэй Зуеў 15 траўня быў вызвалены з-за кратаў наваполацкага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Ён быў пакараны судом на 7 сутак арышту за ўдзел у «стрыме» Ціханоўскага. Каля наваполацкага ЦІПу позьнім вечарам яго сустракалі жонка, паплечнікі і журналісты, але міліцыя цішком вывезла актывіста за тэрыторыю цэнтру.

Пасьля затрыманьня вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага і цэлага шэрагу ягоных прыхільнікаў перасьлед грамадзянаў з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй працягваецца ва ўсёй краіне. Гэтак, у Паставах распачаты адміністрацыйны працэс у дачыненьні да хатняй гаспадыні з Варапаева Ганны Федаронак.