Міліцэйскія ўлады залічылі лідэра незалежных прафсаюзаў у "экстрэмісты"
Па стане на 05 мая ў "Спісе грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" значацца 66 жыхароў Віцебскай вобласці з 2770 спісачнага складу. Апошнім з паўночнай вобласці Беларусі ў яго быў залічаны кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП, 72-гадовы аршанец, палітвязень Васіль Бераснеў.
У Сянно за правядзенне пікету быў аштрафаваны вучань 11 класа. Але нешта пайшло не так
Суддзя суда Сенненскага раёна Іна Досава 31 сакавіка за правядзенне пікету ў інтэрнэце аштрафавала на 74 рублі непаўналетняга выпускніка Сярэдняй школы №2, сябра БРСМ, кандыдата ў майстры спорту па барацьбе ў грэка-рымскім стылі Сцяпана Падрэза. Аднак пастанова была прынята з грубым парушэннем дзейнага заканадаўства і была адменена Старшынёй Віцебскага абласнога суда. У хуткім часе адміністрацыйная справа Падрэза будзе разгледжана раённай камісіяй па справах непаўналетніх, як гэта патрабуе працэсуальны закон.
З пачатку года ў Віцебскім рэгіёне выяўлена і пакарана больш за 200 "экстрэмістаў"
За чатыры месяцы ў Віцебскай вобласці прайшло 225 судовых працэсаў, звязаных з прымяненнем ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць). 210 адміністрацыйных спраў былі разгледжаны судамі першай інстанцыі і 15 спраў у Віцебскім абласным судзе ў выглядзе скарг на рашэнні раённых судоў. У студзені было вынесена 16 пастаноў, адпаведна ў лютым-29, сакавіку - 108 і ў красавіку - 72. Суддзя Наваполацка Зінаіда Балаболава прыняла 27 пастаноў і стала абсалютнай рэкардсменкай сярод суддзяў, якія пакаралі грамадзян арыштамі і штрафам за праяву "экстрэмізму".
За выяву ў сацыяльных сетках нацыянальнага сцяга і лайкі глыбачанка адседзела 10 сутак
Старшыня суда Глыбоцкага раёна Алена Кот 19 красавіка асудзіла глыбачанку Алу Арэхва на 10 сутак. Жанчыну, якая працуе прадаўцом-кансультантам, судзілі па двух артыкулах - ч. 2 артыкула 19.11 КаАП РБ (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць) і ч. 1 артыкула 24.23 КаАП РБ – парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў.
У Віцебску за «здраду дзяржаве» судзяць былога начальніка службы паветранай разведкі
У Віцебскім абласным судзе праходзіць разгляд крымінальнай справы над былым вайскоўцам Валерыем Раманоўскім. Улады абвінавачваюць мужчыну ў здрадзе дзяржаве згодна арт. 356 Крымінальнага кодэкса краіны. Суд пачаўся 12 красавіка і працэс праходзіць пад старшынствам суддзі Яўгена Бурунова, які правёў тры закрытыя пасяджэнні.
У Докшыцах затрымалі сямейную пару настаўнікаў
4 траўня ў Докшыцах наўпрост на ўроку спачатку затрымалі Марыну Корду. Яна працуе ў першай школе горада настаўніцай пачатковых класаў. Як паведамляе грамадскі актывіст з Докшыцкага раёна Кастусь Шыталь, жанчыну затрымалі за «лайкі» ў інтэрнэце.
Справу палітзняволенай Яны Пінчук пачала разглядаць іншая суддзя
Суд над Янай распачаўся ў Мінгарсудзе 10-га красавіка і праходзіць у закрытым рэжыме, але з допускам сваякоў падсуднай. Па невядомым прычынам, справу стала весці іншая суддзя, Любоў Сімахіна, замест суддзі Таццяны Фалькоўскай.
У Обалі збіраюцца паставіць арт-аб'ект у гонар дыверсантаў
Як будзе выглядаць правакацыйны мастацкі артэфакт, і хто аўтар, пакуль не паведамляецца. Але ўжо адна назва «Рэйкавая вайна» гучыць па цяперашніх часах двухсэнсоўна. Магчыма, арт-аб’ект будзе перайменаваны, і да 9-га траўня ў гарадскім пасёлку Обаль, што ў Шумілінскім раёне, ён з’явіцца ўжо пад іншай назвай. Паводле афіцыйнай інфармацыі з дзяржСМІ, такім чынам вырашана ўшанаваць памяць пра дзейнасць падпольнай камсамольскай брыгады «Юныя мсціўцы», якая дзейнічала тут падчас Вялікай Айчыннай вайны (1942-1943гг). За гэты час была здзейснена 21 дыверсія, сярод іх - падрыў вадакачкі і трох мастоў, падпал ільнозавода, знішчэнне некалькіх эшалонаў і аўтамашын. Дзве ўдзельніцы Обальскага камсамольскага падполля, Зінаіда Партонова і Ефрасіння Зянькова, былі ўзнагароджаны званнем Герой Савецкага Саюзу.
За «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» судзяць выкладчыцу ВДТУ, дызайнерку Наталлю Тарабука
Апрача «сутак» або штрафа, прадугледжаных артыкулам 19.11 КаАП, асуджаным за «распаўсюд экстрэмізму» пагражае звальненне – калі яны займаюцца педагагічнай дзейнасцю. Праваабаронцам вядома ўжо пра некалькі дзясяткаў падобных выпадкаў на Віцебшчыне. Спадарыня Наталля ўжо ў пенсійным узросце, але працуе. Пастанову па адміністрацыйнай справе выкладчыцы ВНУ мае вынесці суд Першамайскага раёну Віцебска.
Улады Віцебскай вобласці ідэалагічна правальныя праекты палічылі найлепшымі
Чыноўнікі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама 28 красавіка падвялі вынікі штогадовага абласнога конкурсу сярод журналістаў і рэдакцый СМІ. У намінацыі ”Лепшы творчы праект у тэлевізійным, радыёвяшчальным СМІ“ адзначаны відэа праекты: “Па той бок змагання”, “Назаўжды”, “Дзіцячыя твары вайны”. Гэтыя ідэалагічныя прадукты вырабілі журналісты дзяржаўнага прадпрыемства "Наваполацкае кабельнае тэлебачанне "Вектар" для ваенна-патрыятычнага тэлеканала "Звязда", які мае 5,78 тыс. падпісчыкаў. Неабходна адзначыць, што гэтыя ідэалагічныя праекты аказаліся правальнымі, з пункту гледжання праглядальнасці.