13 сакавіка Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да праваабаронцы і журналіста Ігара Казмерчака
Пра гэта паведаміў Тэлеграм-канал «Специальное производство. Официально». Ігара Казмерчака, які ў 2021 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь, вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэкса - паводле частак 1 і 2 арт. 361-4, а таксама паводле ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса. Спецвытворчасць прадугледжвае магчымасць судовага разбору ў адсутнасць падсуднага.
За «экстрэмізм» улады паўторна арыштавала наваполацкага інжынера
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 7 сакавіка за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх» відэа публікацый у сацыяльнай сетцы арыштавала на 15 сутак інжынера-каструктара канструктарскага аддзела 72 ААТ "Вымяральнік" Аляксея Сабурава. Першыя "суткі" ён атрымаў 26 лютага ад той жа суддзі.
У Шаркаўшчынскім раёне пасяўная праходзіць пад наглядам міліцыянтаў
Як піша сайт шаркаўшчынскай раённай газеты “Кліч Радзімы”, з надыходам вясны і пачаткам палявых работ супрацоўнікі Шаркаўшчынскага РАУС ажыццяўляюць так званы маніторынг сельгаспрадпрыемстваў раёна. Падчас яго правяраюць захаванасць, тэхнічны стан і спраўнасць тэхнікі, умовы, створаныя для забеспячэння захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, гаруча-змазачных матэрыялаў.
«Ухіліста» ад службы ў войску ўлады пакаралі адным годам пазбаўлення волі
Суддзя суда Чыгуначнага раёна Віцебска Алена Грабенчук 20 лютага за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу ў рамках ч. 1 арт. 435 КК прыгаварыла непрацуючага жыхара абласнога цэнтра Паўла Шыпулю да пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год з адтэрміноўкай выканання пакарання на той жа тэрмін.
У Верхнядзвінску таксама адбываецца мілітарызацыя дзяцей, у тым ліку пачатковых класаў
У Верхнядзвінску, як і ў іншых школах і нават садках Віцебскай вобласці, асноўным кірункам выхавання дзяцей цяпер з’яўляецца ваенна-патрыятычнае. Такі загад міністэрства адукацыі, і школы яго актыўна выконваюць.
За распаўсюд «экстрэмізму» ў сацсетках улады аштрафавалі навапалачанку
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 27 лютага за распаўсюд “экстрэмізму” ў сацыяльнай сетцы аштрафавала на 800 рублёў мясцовую жыхарку Святлану Тарасевіч.
У Верхнядзвінску затрыманы 34-гадовы Аляксей Кісялёў. Нібыта за ўдзел у «Кадравым рэзерве»
Пра затрыманне Аляксея Кісялёва паведаміў Telegram-канал, блізкі да сілавікоў. Там сцвярджаецца, што што затрыманы меў «нармальную працу ў райвыканкаме».
Флагшток «для патрыятычнага выхавання» ў Віцебску ўсё ж усталююць. Але ў іншым месцы
Праўда, ідэю, выказаную некалькі месяцаў таму, гарадскія ўлады падкарэктавалі: флагшток хочуць усталяваць ужо не на плошчы тысячагоддзя Віцебска, у гістарычным цэнтры горада, а ў Парку тысячагоддзя за Лядовым палацам. Аргументацыя наступная: узняты на флагштоку сцяг «станет символом признания в любви и преданности Беларуси, гордости за свою страну, будет скреплять национальное согласие и патриотический дух белорусского народа». Колькі будзе каштаваць увасабленне гэтай ідэі, не паведамляецца.
Суддзю Браслаўскага суда Вольгу Пракопчык, якая выносіла палітычна матываваныя прысуды, адправілі ў адстаўку
На яе месца прызначылі новую суддзю з Наваполацка – Сняжану Калінічэнка, якая адразу стала старшынёй Браслаўскага суда. Яна таксама адзначылася раней вынясеннем палітычна матываваных прысудаў, напрыклад, настаўніка гісторыі гэтая так званая суддзя пасадзіла на 20 сутак за ўкраінскі сцяг на фота ў Фэйсбуку, а навапалачанку Кацярыну Леў за быццам знявагу ўладаў адправіла на два гады за краты і прысудзіла вялікі штраф 3700 рублёёў.
Палітвязнем прызнаны Андрэй Шмай – былы супрацоўнік віцебскага аблвыканкама, якога вінавацяць у шпіянажы і агентурнай дзейнасці
Якраз гэтымі днямі справу затрыманага 19 студзеня 2023г. грамадзяніна Украіны Андрэя Шмая разглядае Віцебскі абласны суд. Працэс распачаўся 15 лютага, суддзя — Яўген Буруноў. Супраць Андрэя Шмая выстаўлена абвінавачанне па двух цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 358 (шпіянаж) і арт. 358-1 (агентурная дзейнасць). Працэс праходзіць у закрытым рэжыме.