За антываенную акцыю ў Наваполацку маладая жанчына атрымала штраф і яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол
Суд Наваполацка 3 верасня вынес пастанову аштрафаваць Ганну Тукаву за антываенную акцыю. Суд прызнаў яе вінаватай і прымяніў да дзяўчыны арт. 24.23 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэнняў. Прычынай «мяккага», для цяперашняга часу, пакарання стала тое, што «парушальніца закону» мае малалетняга дзіцяці. Але пасля прысуду Ганна так і не выйшла на волю.
Віцяблянін Аляксей Рэзнікаў прызнаны палітвязнем
26 жніўня яго асудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 130-1 (рэабілітацыя нацызму), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Больш за 4 месяцы да суду мужчыну ўтрымлівалі ў Віцебскім СІЗА-2. Праваабарончая супольнасць прызнала Аляксея Рэзнікава палітзняволеным.
Ініцыятыва «Лісты ў клетачку» спыняе працу
Ініцыятыва «Лісты ў клетачку» была створана дзеля падтрымкі ахвотных ліставацца з палітвязнямі. Калі такі чалавек хацеў напісаць словы падтрымкі зняволеным па палітычных прычынах, але не ведаў адраса турмы ці калоніі, ён мог даслаць ліст праз сервіс. Але цяпер ён спыняе сваё існаванне – найперш праз адсутнасць зваротнай сувязі, бо ў месцах зняволення практычна перасталі перадаваць лісты палітзняволеным ад чужых людзей. Дай допісы ад сваякоў даходзяць да іх далёка не ўсе.