Cуд Наваполацку вырашыў канфіскаваць ноўтбук памерлага, якога збіраліся судзіць за абразы чыноўнікаў
Наваполацкі суд спыніў крымінальную справу, распачатую супраць мясцовага жыхара паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады) – праз тое, што падсудны памёр. Ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, але суду не дачакаўся. Тым не менш, суд пастанавіў канфіскаваць ноўтбук памерлага, з якога, паводле версіі абвінавачвання, былі пакінутыя абразлівыя каментары, адрасаваныя чыноўнікам.
Палітвязня Андрэя Кузнечыка этапавалі ў Наваполацкую калонію
Ураджэнец Віцебску, журналіст Радыё Свабода Андрэй Кузнечык, асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі па справе аб экстрэмісцкім фармаванні, прыбыў адбываць пакаранне ў наваполацкай калоніі №1. Ліст са штэмпелем гэтай установы атрымала жонка палітзняволенага Алеся Рак. Суддзя Магілёўскага абласнога суду Ігар Шведаў прызнаў журналіста вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»), і прызначыў пакаранне ў выглядзе зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на тэрмін 6 гадоў.