Сёння - дзень нараджэння Паўла Севярынца. Палітвязню споўнілася 46 гадоў
30 снежня святкуе дзень нараджэння жыхар Віцебска, адзін з лідараў беларускай апазіцыі, палітвязень, пісьменнік Павел Севярынец. Яму споўнілася 46 гадоў. Гэта дзявяты дзень нараджэння, які палітык праводзіць за кратамі.
Віцебскі арт-менеджэр Уладзімір Булаўскі выйдзе на волю 1 студзеня
Ён быў затрыманы 14 снежня па невядомай прычыне. Цяпер ягоныя сябры даведаліся, што 16 студзеня Уладзімір Булаўскі асуджаны да 15 сутак арышту. Есць верагоднасць, што яго звінавацілі паводле артыкула 19.11 за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Прынамсі, такое самае абвінавачанне было высунута супраць затрыманых з ім у адзін дзень заснавальнікаў гастрапаба ROK’I PUB Іллі Кульмана і Паўла Пятруніна, а таксама сталага наведніка Дзмітрыя Ларкова. Апошнія трое ўжо на волі.
Жыхары Віцебску лічаць, што аварыйнасць дарожнай і пешаходнай інфраструктуры блізкая да катастрафічнай
Таму гарадскія актывісты патрабуюць ад уладаў тэрмінова адрамантаваць траўманебяспечныя дэфектныя ўчасткі на вуліцах Віцебска. Гэтае патрабаванне рэалізавана ў петыцыі №5525 на партале «Зручны горад», і яе ініцыятары прапануюць усім зацікаўленым віцяблянам падтрымаць сваім подпісам гэтую ініцыятыву.
Леаніду Судаленку ў «Віцьбе-3» ладзяць частыя праверкі
Палітзняволены старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна» трапіў у віцебскую ПК-3 сёлета 27 студзеня. Сюды яго накіравалі адбываць тэрмін пазбаўлення волі, прысуджаны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (« Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Стаўленне да Леаніда Судаленкі з боку адміністрацыі віцебскай калоніі адмысловае: яго паставілі на асобны кантроль, паводле інфармацыі праваабаронцаў, да яго часта прыходзяць з пазапланавымі праверкамі, выварочваюць і пераглядаюць ягоныя рэчы.
Улады налічылі ў Віцебскім рэгіёне каля 200 “экстрэмістаў і экстрэмістак”
З сакавіка бягучага года чыноўнікі з Міністэрства ўнутраных спраў вядуць спіс асоб, якія маюць дачыненне да так званай экстрэмісцкай дзейнасці. У гэтую базу практычна штодня залічваюцца грамадзяне краіны, якія выказалі незадаволенасць вынікамі падліку галасоў на апошніх выбарах Кіраўніка дзяржавы і потым асуджаныя па так званых «пратэстных народных артыкулах». За апошнія 6 месяц 2022 года колькасць «экстрэмістаў» у Віцебскай вобласці павялічылася ў 2,5 разы: з 67 імёнаў да 177. Сярод «палітычна нядобранадзейных асоб» 32 жанчыны і 145 мужчын.
Жыхара Віцебскага раёна палітзняволенага Аляксандра Патапава перавялі ў магілёўскую калонію
Не так даўно, ураджэнцу Украіны 68-гадоваму палітвязню прысудзілі 2 гады калоніі за «абразу Лукашэнкі» — пасля ранення і гібелі ва Украіне ад рук расійскіх вайскоўцаў ягонай дачкі і пляменніцы, мужчына размясціў у «Аднакласніках» два каментары пра Лукашэнку, якія экспертыза палічыла «абразлівымі».
«Экстрэмісцкімі» прызналі докшыцкую суполку з аб’явамі і віцебскі студэнцкі Telegram-канал
У апошнія дні снежня Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніўся згадкамі пра тры інтэрнэт-рэсурсы. «Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызналі суполку «Докшицы Live» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», а таксама Telegram-канал пад назвай «Свободный ВГУ» и аднайменны Telegram-чат, заснаваныя студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Адпаведныя судовыя рашэнні прынятыя 23-га снежня. Цяпер тыя, хто зробіць рэпосты з гэтых рэсурсаў, могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, нават калі гэта будзе абвестка пра згубленыя ключы ці пошук майстра па манікюры.
Мікалай Статкевіч ізноў у ШІЗА. Найверагодней, на ўсе навагоднія святы
Пра тое, што апазіцыйны палітык і палітвязень, які нядаўна перахварэў на ковід і запаленне лёгкіх, зноўку пакараны знаходжаннем у ШІЗА, паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку яна напісала: «Гэтыя святочныя дні, напоўненыя чаканнем дзівосаў, Мікола Статкевіч праводзіць у ШІЗА. Чарговая «спецаперацыя», верагодна. Тэрмін «пакарання» мне невядомы. Дапускаю, што пастараюцца захапіць усё святы». Мікалай Статкевіч трапіў за краты яшчэ 31 траўня 2020г., 14 снежня 2021г. яго асудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму.Пакаранне палітвязень адбывае ў Глыбоцкай калоніі №13, вядомай пад рэгіянальнай назвай «Беразвечча».
Палітзняволеная Эма Сцепулёнак сустрэне Новы год у калоніі
З 16 снежня былая настаўніца беларускай мовы, а цяпер пенсіянерка, пачала адбываць тэрмін пакарання ў гомельскай жаночай калоніі № 4. У зняволенні ёй засталося правесці каля 4-х месяцаў. Эму Антонаўну абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Суд прызначыў палітзняволенай 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Працэс праходзіў па месцы жыхарства Эмы Сцепулёнак – у Мёрах. Тамсама яна была затрыманая 29 верасня 2021г. у межах крымінальнай справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцара.
Дзве віцебскія сямейныя пары ўганараваны расейскім «шлюбным» медалём
Медаль «За любовь и верность» заснаваны Фондам Святланы Мядзведзевай – жонкі былога прэзідэнта і прэм’ер міністра, а цяпер намесніка Старшыні Рады бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева. У цырымоніі ўганаравання, якую зладзілі ў Віцебскім гарадскім ЗАГСе, узяў удзел вядомы ў Віцебску прыхільнік «русского мира» Андрэй Герашчанка, які мае грамадскую пасаду старшыні Каардынацыйнай рады беларускіх грамадскіх аб’яднанняў суайчыннікаў пра Пасольстве Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Прасцей кажучы, асоба, якая свядома праводзіць антыбеларускую палітыку ў грамадскім жыцці Віцебска і ўсёй Беларусі.