Былога дырэктара УКБ Віцебскага аблвыканкаму пасадзяць?
Крымінальная справа ў дачыненьні да былога дырэктара Ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкаму накіраваная ў суд, паведаміў пракурор аддзелу па наглядзе за расьсьледаваньнем крымінальных спраў упраўленьнем Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці пракуратуры Віцебскай вобласьці Аляксандар Сашчэка.
Суды Віцебску разгледзяць чарговыя скаргі на чыноўнікаў, якія забаранілі пікеты
Тры заяўкі на адзіночныя пікеты – тры забароны на іх правядзеньне. Гэтак сьцісла можна апісаць гісторыю нядаўніх зносін віцебчука Віктара Жаркова з раённымі адміністрацыямі гораду над Дзьвіной. Цяпер Віктар Жаркоў падаў скаргі на чыноўнікаў, якія пазбавілі яго магчымасьці праінфармаваць жыхароў пра парушэньне ягоных правоў з боку міліцыянтаў, у суды ўсіх трох раёнаў Віцебску.
За ўдзел у парадзе ў афіцыйны “Дзень незалежнасьці” віцяблянам абяцаюць па 25 тысяч рублёў
Аб’ява пра ганарар за ўдзел у парадзе зьявілася ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце». «3 ліпеня ў Дзень Незалежнасьці патрэбныя людзі на парад прыкладна ў 9–10 раніцы. Прайсьці з транспарантам, балёнікамі, сьцяжкамі. Уся імпрэза зойме гадзінку. Распаўсюджваць і рабіць нічога ня трэба. Проста прайсьціся!» — так напісана ў аб’яве на старонцы групы «Тыповы Віцебск».
Разгляд у судзе справы Андрэя Гайдукова працягнецца 27 чэрвеня
Вольга Гайдукова распавяла, што была сьведкай з боку абароны на судовым працэсе над сынам, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Гайдукова атрымала афіцыйны адказ ад старшыні Віцебскага абласнога суду: на спатканьне з Андрэем яна можа разьлічваць толькі па сканчэньні суду: «Я таксама дала падпіску пра неразгалошваньне, таму нічога падрабязна сказаць не магу. Ды я нічога і не зразумела, у чым вінавацяць Андрэя, з тых пытаньняў, што мне задавалі».
Праваабаронца просіць распачаць адміністрацыйны працэс у дачыненьні да судзьдзі
Павал Левінаў зьвярнуўся да начальніка УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму з заявай аб правапарушэньні, сьведкам якога ён стаў. Падзея адбылася ля будынку абласнога суду: судзьдзя Ірына Смалякова, якая выйшла з суду, вырашыла перайсьці дарогу, але пайшла не да пешаходнага пераходу, а напрасткі па праезнай частцы ў неналежным месцы, ствараючы перашкоду руху транспарту. На заўвагу праваабаронцы судзьдзя адрэагавала толькі ўхмылкай, паведаміў Павал Левінаў.
“Не балбачы! Ня думай! А то запішуць у шпіёны»
У Віцебску актывісты “Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў” зладзілі акцыю салідарнасьці з наваполацкім дэмакратычным актывістам Андрэем Гайдуковым, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве. Падчас акцыі ў двох раёнах і ў цэнтры Віцебску (побач з абласным судом, дзе праходзіць працэс над Гайдуковым) былі расклееныя ўлёткі супраць судовага працэсу. Гэтымі ўлёткамі актывісты МХД хацелі паказаць, што беларусаў прымушаюць ня думаць пра тое, што адбываецца вакол, і забараняюць абмяркоўваць гэта, у адваротным выпадку – людзям таксама пагражае стаць “шпіёнамі” і “здраднікамі”, як Андрэй Гайдукоў.
Павал Севярынец: Расеі варта падзякаваць Беларусі за мову і асьвету
Беларусь цягам некалькіх стагодзьдзяў культурна і духоўна адукоўвала Расею. Пра гэта нагадаў палітвязень Павал Севярынец, камэнтуючы заяву Лукашэнкі аб тым, што беларусы належаць да расейскай культуры і цывілізацыі: «Безумоўна, частка гістарычнай праўды тут ёсьць. Вельмі шмат этнічных беларусаў зрабілі свой унёсак у расейскую літаратуру».
Ігар Яўсееў стаў генэрал-маёрам
20 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб наданьні начальніку УУС Віцебскага аблвыканкаму палкоўніку міліцыі Ігару Яўсееву чарговага званьня — генэрал-маёра. Нагадаем, кіраўніком віцебскай абласной міліцыі Яўсееў быў прызначаны 15 чэрвеня 2012 году з пасады начальніка міліцыі грамадзкай бяспекі ГУУС Менгарвыканкаму.
Забойцу 20-гадовага віцебскага таксіста далі 23 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму
Віцебскі абласны суд 20 чэрвеня вынес прысуд па гучнай крымінальнай справе - аб забойстве ў верасьні 2012 году работніка МНС Аляксея Краско (на фота), які ў вольны ад асноўнай працы час падпрацоўваў таксістам. Паводле вэрдыкту судзьдзі Валянціны Буевай абвінавачаны ў гэтым злачынстве 42-гадовы беспрацоўны жыхар Віцебску прыгавораны да 23 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, паведамілі ў сэктары па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду.
На Віцебшчыне ў насельніцтва адбіраюць і зьнішчаюць сьвіней
У трох вёсках Віцебскага раёну - Ліпаўцы, Шапечына і Асінаўка - у насельніцтва канфіскавалі і зьнішчылі сьвіней, якія ўтрымліваліся ў асабістых прысядзібных гаспадарках. Матывуецца гэта нейкай эпідэміяй, але якой менавіта гаспадарам жывёл не паведамляецца. У Шапечына, бачачы журналіста з камэрай, людзі хаваюць вочы і адмаўляюцца гаварыць. Атрымоўваецца пагутарыць толькі з адным хлопцам - ён пацьвердзіў, што 19 чэрвеня ў іх вёсцы канфіскавалі ўсіх сьвіней, пагрузілі іх у прычэпы трактароў і павезьлі ў невядомым кірунку. Насельніцтву параілі асабліва не распаўсюджвацца аб здарэньні, калі ня хочуць непрыемнасьцяў на працы.