Два тыдні запар жонка Сяргея Каваленкі Алена ня мае ад мужа званкоў і лістоў. Алена кажа, што праблема з карэспандэнцыяй ёсьць і ў Сяргея: «Ёсьць праблема зь лістамі. Наш агульны сябар распавёў, што зьвязваўся зь Сяргеем, а адказу няма. І ад сваякоў не дайшлі лісты — адвакат пра гэта цікавіўся і высьветліў. І вось да мяне лісты ідуць дрэнна. Апошні дайшоў 31-га жніўня, а адпраўлены быў 21-га. 10 дзён для ліста з Магілёва — гэта зашмат. Яго толькі выпусьцілі праз тыдзень — я паглядзела па штэмпэлі. Хаця паводле закону даецца толькі тры дні».

 

Кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Аляксандар Мікулін накіраваў заяву ў ЦВК з прапановай адмяніць рэгістрацыю кандыдатам Міхаілу Волкаву ў сувязі з парушэньнямі ім заканадаўства. Мікулін паведаміў у ЦВК, што зарэгістраваны кандыдат Волкаў утойвае сваю прыналежнасьць да дэпутацкага корпусу Віцебскага абласнога Савету, бо на агітацыйных плякатах не падае ў аўтабіяграфічных зьвестках факт выбраньня яго ў дзейны склад Савету. На партрэце Волкава адсутнічае нават дэпутацкі значак.

 

Участковыя выбарчыя камісіі рассылаюць жыхарам абласнога цэнтру паперкі-паведамленьні з запрашэньнем узяць удзел у датэрміновым галасаваньні на імя грамадзян, якіх ужо колькі гадоў няма на гэтым сьвеце… Віцяблянка Вольга Каваленка атрымала нядаўна запрашэньне, адрасаванае ейнаму мужу, які памёр яшчэ ў 2009 годзе. Зьняважаная, яна накіравала 17 верасьня скаргу ў акруговую камісію Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18 з просьбай “навесьці парадак з улікам выбарцаў і выключыць са сьпісу выбарцаў памерлага мужа”.

11 верасьня прайшла сустрэча з выбарцамі кандыдата ў дэпутаты парлямэнту па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Аляксея Гаўруцікава. У сустрэчы, якая ладзілася ў актавай залі віцебскай СШ № 45, бралі ўдзел ягоныя давераныя асобы Аляксандар Мілінкевіч, Алена Фаміна і Сяргей Парсюкевіч. Ролю вядоўцы выконваў яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты - Хрыстафор Жаляпаў.

 

Давераная асоба гарадоцкага кандыдата ў дэпутаты Леаніда Аўтухова Кастусь Мардзьвінцаў накіраваў скаргу ў суд Чыгуначнага раёну Віцебску на рашэньне Віцебскага райвыканкаму аб забароне агітацыйнага пікету ў вёсцы Буяны. Кастусь Мардзьвінцаў 6 верасьня апавясьціў райвыканкам аб сваім намеры як даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Віцебскай сельскай выбарчай акрузе №21 зладзіць 10 верасьня пікетаваньне ў вёсцы Буяны Віцебскага раёну. Але ўжо на наступны дзень атрымаў паперу з адмовай у правядзеньні пікету.

 

Тым ня менш кандыдат у дэпутаты Мікалай Петрушэнка за артыкул “От пущи до неволи: в тихом болоте черти водятся”, апублікаваны ў “Віцебскім кур’еры”, мусіць заплаціць 3 мільёны рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, а таксама 600 тысяч дзяржапошліны. Гэткае рашэньне агучыла 11 верасьня судзьдзя Талачынскага раённага суду Натальля Барысавец у паседжаньні па пазове старшыні раённай арганізацыі “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Юрыя Лычкоўскага аб абароне гонару й годнасьці. Лычкоўскага абразіла тое, што аўтар згаданай публікацыі нібыта назваў яго браканьерам.

 

За лідэрам міжнароднай арганізацыі “Малады фронт” (Чэхія) Зьмітром Дашкевічам у віцебскім сьледчым ізалятары № 2 усталявалі кругласутачнае назіраньне. Пра гэта паведаміла намесьніца старшыні арганізацыі Анастасія Палажанка. Паводле яе слоў, 5 верасьня яна разам з адвакатам Дашкевіча наведала СІЗА № 2. «Мяне да Дашкевіча, вядома, не пусьцілі, зь ім сустракаўся ягоны адвакат», - адзначыла Палажанка.

 

У чацьвер 6 верасьня на віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду, які на рагу “сіняга дому” на вуліцы Леніна ў Віцебску распаўсюджваў незалежную прэсу, быў складзены адміністрацыйны пратакол. Хамайду абвінавацілі ў тым, што ён парушыў грамадзкі парадак, схапіўшы за руку загадчыцу прадуктовай крамы “Веста”.

 

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў зладзіў кампанію па інфармаваньні ўсіх пракурораў Віцебскай вобласьці аб Канвэнцыі супраць катаваньняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжаючых чалавечую годнасьць відаў абыходжаньня й пакараньня. За паўтара месяца ён сустрэўся з 25 пракурорамі, яшчэ двум адаслаў матэрыялы па пошце. Праваабаронца пакідаў пракурорам ў якасьці інфармацыйных матэрыялаў выніковыя заўвагі па Беларусі Камітэту ААН супраць катаваньняў, прынятыя на 47-й сэсіі Камітэту.

 

Кандыдата ў дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18 Аляксея Гаўруцікава выклікалі ў РАУС Першамайскага раёну Віцебску і вярнулі рэчы, канфіскаваныя 30 жніўня падчас вобшуку аўтамабіля, на якім ён вяртаўся зь Менску: “Учора, 4 верасьня, мяне запрасілі на размову ў Першамайскі РАУС Віцебску. Маёр міліцыі Сяргей Касаткін паведаміў, што рэчы ў мяне былі канфіскаваныя незаконна, і вярнуў мне іх. Вярнулі і “Народную праграму”, і дыскі дачкі Алісы, і дакумэнты кандыдаткі Алены Фаміной.