Наваполацкага актывіста Андрэя Галавырына асудзілі чацвёрты раз запар на 15 сутак
У Наваполацкім ЦІПе ён знаходзіцца з 15 чэрвеня.Паводле апошняй пастановы суддзі Зінаіды Балаболавай, ягоны арышт мае расцягнуцца на 2 месяцы – да 14 жніўня. У гарадскім судзе Наваполацку яго чацвёрты раз прызналі вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП – за рэпост з «экстрэмісцкага» канала. Праваабаронцам стала вядома, што два ранейшыя арышты актывісту былі прысуджаныя нават не за рэпосты, а толькі за падпіску на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы.
Улады прыступілі да ліквідацыі найстарэйшай яўрэйскай грамадскай арганізацыі ў Полацкім рэгіёне
Віцебскі абласны суд 14 чэрвеня прыняў рашэнне ліквідаваць грамадскае аб'яднанне "Полацкі яўрэйскі культурны цэнтр". Без малога 30 гадоў сябры гэтай арганізацыі садзейнічалі развіццю яўрэйскай культуры. Ініцыятарам закрыцця грамадскай арганізацыі стала кіраўніцтва Упраўлення юстыцыі па Віцебскай вобласці. Такім чынам, магчыма, уладамі дадзены старт працэсу разгрому габрэйскага сацыяльна-культурнага асяроддзя на Віцебшчыне.
Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча прапануе падтрымаць яго віншаваннямі
Дзень народзінаў у палітзняволенага апазіцыйнага палітыка будзе 12 жніўня. Мікалай Статкевіч вымушаны сустрэць сваё свята ў глыбоцкай калоніі, увогуле ж за кратамі ён знаходзіцца больш к 790 дзён. Ён быў затрыманы 31 траўня 2020 г. па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. 14 снежня 2021 г. яго асудзілі на 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).
Выйшла на волю віцебская журналістка Таццяна Матвеева
Яе вызвалілі пасля затрымання на 72 гадзіны, але на выхадзе далі позву ў Кастрычніцкі раённы суд. Таццяну Матвееву будуць судзіць паводле арт. 24.23 за нібыта незаконнае пікетаванне, а насамрэч за аватарку ў Фэйсбуку, аздобленую надпісам у белым і чырвоным колерах. Гэты здымак быў актуальны больш за год таму, але міліцыянты знайшлі яго сярод архіўных фота… Суд прызначылі на 11 гадзін 9 жніўня.
Палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага ў дзень народзінаў змясцілі ў ШІЗА
Актывіста руху анархістаў, які адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі «Віцьба-3», кінулі ў штрафны ізалятар на 10 сутак 29-га ліпеня, гэта быў якраз ягоны дзень народзінаў. У выніку ён не трапіў на запланаванае кароткатэрміновае спатканне з сястрой. Раней яго пазбавілі працяглага спаткання – так робяць з усімі палітзняволенымі ў некаторых калоніях. З першага дня ў ПК-3 яго паставілі на асаблівы ўлік як «асобу, схільную да ўцёкаў».
У Інтэрнэце з’явіўся відэаролік у падтрымку арыштавана ксяндза Андрэя Вашчука
Стваральнік відэароліка – віцебскі рэжысёр Антон Грышкевіч, які ў студзені 2021-га году падтрымаў агульнанацыянальны страйк і звольніўся з Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтва, дзе працаваў выкладчыкам. З тае пары ён застаецца беспрацоўным, але не губляе прынцыповай грамадзянскай пазіцыі, у тым ліку і ва ўласнай творчасці. Апошні ягоны відэаролік, прысвечаны ксяндзу Андрэю Вашчуку, змантажаваны з фотаздымкаў зняволенага святара.
Расійскі суд працягнуў арышт беларускай актывістцы Яне Пінчук
Суд Санкт-Пецярбурга падоўжыў на тры месяцы ўтрыманне ў СІЗА Яны Пінчук, якую хочуць выдаць уладам Беларусі з-за абвінавачання ў вядзенні апазіцыйнага Telegram-канала.
Былы будынак віцебскага КДБ можа стаць музеем
Абласное ўпраўленне КДБ атрымала новую рэзідэнцыю ў цэнтры Віцебску: на вуліцы Калініна быў адмыслова пабудаваны новы сучасны гмах. І з той пары, як стала вядома пра перасяленне супрацоўнікаў КДБ з помніка архітэктуры 18 стагоддзя, які займала абласное ўпраўленне, у горадзе вяліся размовы, ці не аддаць яго пад патрэбы краязнаўчага або іншага музея гістарычнай накіраванасці. Цяпер у суполцы «Витебский музей» у Фэйсбуку з’явілася пытанне да землякоў, як бы яны паставіліся да такой перспектывы. Адміністратары суполкі сцвярджаюць, што вывучэнне грамадскай думкі на гэты конт неўзабаве будзе абвешчана афіцыйна.
Затрымалі віцебскую журналістку Таццяну Матвееву
Былую супрацоўніцу найбуйнейшага навінавага парталу, абвешчанага экстрэмісцкім, затрымалі ўвечары 28 ліпеня. Міліцыянты прычакалі спадарыню Таццяну на вакзале, калі яна вярталася з камандзіроўкі. Дома ў яе быў праведзены ператрус, а ў аддзеле міліцыі Кастрычніцкага раёну на журналістку склалі пратакол за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне (арт. 24.23 КаАП). Гэтую ноч затрыманая правяла ў ІЧУ, верагодна, што 29 ліпеня Таццяну Матвееву будуць судзіць.
Палітзняволеная Эма Сцепулёнак з Мёраў стала гераіняй новага мастацкага праекту
У Інстаграме зʼявіўся праект «Палітвязынкі» (@politvyazanka), які распавядае пра лёсы зняволеных за палітыку жанчын. Яго ствараюць журналістка Яўгенія Доўгая і мастачка Ганна Татур. Кожны пост складаецца з партрэта і кароткай гісторыі гераіні, і такіх допісаў на дадзены момант 23. Адзін з іх прысвечаны Эме Сцепулёнак, настаўніцы з Мёраў, якую ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2.