Сенненская “раёнка” запускае краязнаўчы конкурс. Але не можа прыдумаць галоўнага героя
Назву гэты конкурс ужо мае : «Сенненский код: расшифруй». Умовы - адказаць на 15 пытанняў па гісторыі раёна і сабраць карцінку з 15-ці пазлаў. На карцінцы мусіць быць нейкі герой. А вось які -пытанне. Газета “Голас Сенненшчыны” прапанавала чытачам прыдумаць, каго яны хацелі б убачыць на карцінцы. Як толькі з гэтым персанажам будзе вызначана, пазлы для збірання пачнуць друкавацца ў “раёнцы”. Разлік зразумелы: хочаш удзельнічаць у конкурсе - падпішыся на раённае выданне.
На канферэнцыі «Новая Беларусь» узгадвалі віцебскага журналіста-палітвязня Вячаслава Лазарава
Яго партрэт экспанаваўся на выставе праекта «Журналісты: бязгучны рэжым». Гэта мастацкі твор на падставе фотавыявы аўтарства Кацярыны Мяць. У ім можна ўбачыць метафару мазаікі: зняволенне і ізаляцыя спусташаюць чалавека, ствараючы “прабелы” і “лапікі” у ягоным жыцці, калі вяртанне да паўнавартаснай, першапачатковай карціны можа даць толькі свабода.
У Лёзненскім раёне прыдумалі, як “забяспечыць масавасць” на патрыятычных акцыях
Раённы цэнтр культуры вырашыў зрабіць рэгулярнымі “рэйды” на воінскія пахаванні. Пад кіраўніцтвам культработнікаў па брацкіх магілах у розных вёсках Лёзненшчыны пачалі развозіць удзельнікаў усіх гурткоў і аб’яднанняў, якія працуюць пра РЦК. У тым ліку дзяцей, якія зараз на канікулах, нягледзячы на тое, што гурткі і іншыя самадзейныя суполкі летам таксама не працуюць.
Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ двух жыхароў Віцебшчыны
Гэта аршанец Рычард Логвінаў, затрыманы па справе “Беларускага Гаюна” (ен на фота), і віцяблянін Ігар Бурдаль , якога абвінавачваюць паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Абодвух трымаюць у віцебскім СІЗА-2.
Названы кошт аршанскага флагштока, узведзенага “па просьбах моладзі”
Абласная газета “Витебские вести” упершыню назвала суму, у якую абыходзіцца новы флагшток Аршанскаму раённаму бюджэту. Кошт аб'екта склаў 2 мільёны 60 тысяч рублёў, і гэта яшчэ не фінальныя лічбы. Таксама дзяржСМІ паведаміла , быццам бы стварэнне будучай плошчы Дзяржаўных сімвалаў - гэта ініцыятыва гараджан, выказаная "ў ходзе зносін кіраўніцтва Аршанскага райвыканкама з насельніцтвам і моладдзю горада".
Аршанка Наталля Говорава запісала відэа з падзякай за падтрымку ў замежжы
Жанчыне ўдалося выехаць з Беларусі, дзе яе асудзілі на 4 гады "хіміі". 6 сакавіка суд Оршы і Аршанскага раёна прызнаў яе вінаватай у абразе прэзідэнта і абразе прадстаўніка ўлады за каментары ў інтэрнэце. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Наталлю Говараву экс-палітвязняволенай.
5 гадоў калоніі за хабар - «Чалавеку года Віцебшчыны»
Пра такі кейс, калі “дырэктар аднаго з прадпрыемстваў» за хабар памерам 30 тысяч долараў быў асуджаны да атрымаў 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прыгадала днямі пракуратура. Праўда, пракурор Віцебскай вобласці Андрэй Скурат у сваім дакладзе пра вынікі працы ведамства за першую палову 2025 года не прывёў ні прозвішча, ні статыстыку выпадкаў хабарніцтва на Віцебшчыне.
Што з пастаментам для помніка?
У Віцебску ёсць помнік вайскоўцам, у тым ліку салдатам тэрміновай службы, якія загінулі ў мірны час . Гэта камень-валун на пастаменце са звычайнай цэглы, каля якога штогод тправодзяцца мітынгі з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў. Летась старшыня абласной грамадскай арганізацыі салдацкіх маці Кацярына Кушнярова прапанавала сабраць грошы на рэканструкцыю памятнага знака - каб ен выглядаў больш прэзентабельна. Мясцовыя ўлады адмаўчаліся.
За татуіроўку з нацысцкай сімволікай - 3 месяцы арышту
У судзе Віцебскага раёна асудзілі 37-гадовага жыхара Бешанковічаў. Яго прызналі вінаватым па арт. 341-1 КК РБ (прапаганда ці публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі”. Падставай стала тое, што на безыменным пальцы левай рукі мужчына меў татуіроўку, набітую яшчэ ў 2007 годзе ў месцах пазбаўлення волі. І гэтая татуіроўка не аднойчы трапляла на відэа у TikTok- канале, які ён вёў.
У Полацку ствараюць першы клас з беларускай мовай навучання?
Нечуваная па цяперашніх часах навіна з’явілася на адным з рэгіянальных інтэрнэт-рэсурсаў. Праўда, спасылка на сайт мясцовага ўпраўлення адукацыі не адчыняецца. У сацыяльных сетках згаданай полацкай школы ніякіх паведамленняў пра пра стварэнне беларускамоўнага класа няма. Не паведамляе пра набор і мясцовая раённая газета. Ці гэта можна расцэньваць, як свядомае замоўчванне сацыяльна важнай інфармацыі, каб людзі не даведаліся пра такую магчымасць?