Жыхары Віцебску збіраюць подпісы за аднаўленне скверу на плошчы Перамогі
У інтэрнэце 10 траўня з'явілася петыцыя да мясцовых уладаў з прапановай аднавіць сквер на плошчы Перамогі, які быў знішчаны падчас так званай архітэктурнай перапланіроўкі плошчы ў 2009 годзе. Тады многіх жыхароў абурыла варварская высечка дрэваў. Але мясцовыя чыноўнікі на гэта не звярнулі ўвагу. Усе сабраныя подпісы будуць дасланыя 17 траўня ў Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт.
13 траўня ў Паставах будуць судзіць ксяндза Андрэя Бульчака
Каталіцкага святара вінавацяць паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў). Суд над Андрэем Бульчакам павінны быў адбыцца яшчэ 25 сакавіка, але тады справу вярнулі ў Пастаўскі РАУС на дапрацоўку. Праз палітычны пераслед ксёндз Андрэй быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, нават не развітаўшыся з парафіянамі.
Лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіль Бераснеў пераведзены ў СІЗА-1
Васіля Бераснева затрымалі 19 красавіка, як і шэраг іншых лідараў і актывістаў незалежных беларускіх прафсаюзаў. Больш як 20 дзён пра ягоны лёс не было афіцыйнай інфармацыі. 10 траўня праваабаронцам стала вядома, што Васіля Бераснева, а таксама былога кіраўніка незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а цяпер перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску.
19 траўня ў Полацку за абразу Лукашэнкі будуць судзіць 28-гадовую Святлану Фірсаву
Крымінальную справу супраць жыхаркі гарадскога пасёлку Ветрына распачалі 15 сакавіка, і ўжо 16 сакавіка яна апынулася за кратамі. Некалькі дзён пасля затрымання Святлана Фірсава знаходзілася ў Полацкім ІЧУ, а потым яе перавялі ў Віцебскі СІЗА. Яе вінавацяць паводле ч.1, арт.368 Крымінальнага кодэксу за каментар у інтэрнэце да відэа з прамовай Аляксандра Лукашэнкі, напісаны яшчэ ў 2021 годзе.
Эльвіра Мірсалімава заявіла, што віцебскі «Бессмертный полк» падтрымлівае вайну ва Украіне
9 траўня ў агульнагарадское шэсце ўключылі акцыю «Бессмертного полка», удзельнікі якога афіцыйна пазіцыянуюць сябе як ініцыятыва захавання памяці пра загінулых герояў мінулай вайны. Аднак па Віцебску калона прайшла не толькі з партрэтамі сваіх загінулых сваякоў, але з партрэтам Сталіна, стужкамі ў колерах расейскага сцяга і нашыўкамі «Z».
Жыхар Полацку цэлы год «абражаў прэзідэнта» ў сацсетках, і за гэта яго судзяць
У судзе Полацку і Полацкага раёну судзяць мясцовага жыхара Андрэя Патрэбку, які, па версіі следства, абразіў прэзідэнта Беларусі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Прычым «рабіў гэта ў абразлівай і цынічнай манеры больш за два дзясяткі разоў». Справу разглядае суддзя Віктар Баліка, дзяржабвінаваўца – Таццяна Коцур. Па справе праходзяць восем сведкаў.
Яшчэ траіх аршанцаў прызналі палітвязнямі
Праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі яшчэ 30 чалавек, сярод якіх жыхар Барані (мястэчка пад Воршай) Арцём Ляшнеўскі і двое жыхароў Воршы – Вячаслаў Лютынскі і Дзмітрый Матусевіч. Ляшнеўскі быў асуджаны за каментар пад фота супрацоўніка ДАІ ў сацсетках, ён адбывае 2,5 гады «хіміі» у папраўчай калоніі №29 у Ваўкавыску.
У судзе за «экстрэмісцкія перформансы» дапыталі сведкаў і абвясцілі тайм-аут
У судзе Віцебскага раёну 5 траўня працягваўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу на чатырох мясцовых жыхароў за «экстрэмісцкія перформансы». Абвінавачаныя – палітвязні Ірына Пярцова, Арцём Латышаў, Кацярына Макарэвіч і Юля Лабунова. Справу разглядае суддзя Міхаіл Зубеня.
Віцебскія ўлады дазволілі прарасейскую акцыю «Несмяротны полк»
9 траўня ў Віцебску пройдзе акцыя «Несмяротны полк». Арганізатары заахвочваюць удзельнікаў выкарыстоўваць літары «Z» і «V» – сімвалы расейскай агрэсіі ва Украіне. У гэты дзень у Віцебску пройдзе ўрачыстае шэсце, прысвечанае святкаванню 77-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Чыгуначніку прысудзілі паўтара года «хіміі» за каментар пра «вусатага пацука»
5 траўня ў судзе Полацку і Полацкага раёну вынесены прысуд мясцоваму жыхару Андрэю Бойку. Яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт 368 Крымінальнага кодэксу). Суддзя Андрэй Дзергачоў прызнаў Бойку вінаватым і прызначыў яму пакаранне: 1,5 года «хіміі» з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.