Аляксею Тамілаву было 52 гады. Ен не належаў да апазіцыйных партыяў або рухаў, але быў неабыякавым да жыцця Беларусі і роднага горада. Быў аматарам роднай мовы і культуры. Добрым сябрам і калегам. 

Фантан «Зліццё трох рэчак» сёлета ўвесну вырашылі адрэстаўраваць: пачысціць ад вапнавага налёту фігуры трох дзяўчат, якія увасабляюць рэкі Дзвіну Віцьбу і Лучосу. Бронзавыя скульптуры нечакана сталі ненатуральна залацістымі – гэта адзначылі віцябляне пасля адкрыцця фантана ў канцы чэрвеня, на Дзень горада. Праз тры месяцы «прыгажосць» аблезла, а на фігурах прасупілі непрывабныя плямы.

Генеральная пракуратура праверыла выкананне заканадаўства наконт бяспекі палётаў паветраных судоў авіяцыі агульнага прызначэння. Пад увагу пракурораў трапіла рэкламная акцыя, якая сёлета ў верасні праходзіла ў Віцебску. Да аэрастата ў рэкламных мэтах была прымацавана канапа з «пасажырам». Супраць пілота распачалі адміністрацыйную справу.

На Віцебшчыне значна пачасціліся выпадкі, калі хлопцы ўхіляюцца ад «мерапрыемстваў па прызыве» або парушаюць абавязкі па вайсковым уліку. Толькі ў адным судзе Першамайскага раёна Віцебска 8 кастрычніка разбіраюць 6 адміністрацыйных справаў паводле ч. 1 арт. 26.3 і арт. 26.1. Гэта сведчыць пра тое, што маладыя людзі не бачаць карысці ад службы ў войску, а магчыма, нават апасаюцца, што іх пашлюць у зону вайсковых дзеянняў.

Пробашча парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Крулеўшчыне, ксяндза-каноніка Юрыя Бараўнёва затрымалі 7 кастрычніка. Яго вінавацяць за нібыта «захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт. 19.11 КаАП РБ). Пакуль прозвішчы святара ў раскладзе Докшыцкага раённага суда няма, між тым як затрыманага маюць або асудзіць на працягу 72 гадзін, або вызваліць.

Пра тое, што на сцяне аднаго з гімназічных будынкаў утварыліся расколіны, стала вядома 4 кастрычніка. Замест адзначэння Дня настаўніка педагогам давялося спешна мяняць працоўныя планы. Паводле распараджэння аддзела адукацыі Кастрычніцкага раёна, вучням у настаўнікам давялося пераходзіць у іншыя ўмовы працы і вучобы.

Насельнікі шматпавярхоўкі па вуліцы 3-й Суражскай ўжо некалькі месяцаў не могуць дамагчыся, каб са смеццеправода своечасова вывозілі смецце. Яго набіраецца столькі, што адкіды запаўняюць не толькі спецыяльныя прыстасаванні, але і памяшканне, у якім знаходзяцца, і тэрыторыю каля пад'езда. У службаў ЖКГ тлумачэнне адно: няма людзей,каб своечасова прыбіраць.

«Рэйсаў мала. У перапоўненым аўтобусе можна задыхнуцца», -- пішуць пасажыры, якім даводзіцца ездзіць па маршруце №5 «Наваполацк-Баравуха-1». Людзі вымушаны звярнуцца ў гарвыканкам, бо іншага выйсця не бачаць. «Маршруткі», якія ездзяць па тым самым маршруце, таксама перапоўненыя, а ў кагосьці на іх проста няма грошай.

На гарадскім партале vitebsk.biz з'явіўся допіс пра ўражанні ад восеньскага кірамаша навучальных установаў вобласці, які традыцыйна праходзіць у першыя выходныя кастрычніка каля Лядовага палаца. "Мероприятие масштабное, очень много сельхозпродукции, ремесленники выставили свои изделия, мне очень понравилось. Одно «но»: очень травмоопасные ступеньки..."

Жыхары аддаленага віцебскага раёна Мішкава скардзяцца на непавагу з боку мясцовых уладаў: іх не задавальняе абсталяванне прыпынка грамадскага транспарта. Калі ідзе дождж, людзі хаваюцца не на прыпынку, а за ім, бо якраз насупраць – глыбокая лужына. І не ўсе кіроўцы здагадваюцца прытармазіць, каб не абліць патэнцыйных пасажыраў бруднай вадой.