Міліцэйскія ўлады залічылі лідэра незалежных прафсаюзаў у "экстрэмісты"
Па стане на 05 мая ў "Спісе грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" значацца 66 жыхароў Віцебскай вобласці з 2770 спісачнага складу. Апошнім з паўночнай вобласці Беларусі ў яго быў залічаны кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП, 72-гадовы аршанец, палітвязень Васіль Бераснеў.
У Сянно за правядзенне пікету быў аштрафаваны вучань 11 класа. Але нешта пайшло не так
Суддзя суда Сенненскага раёна Іна Досава 31 сакавіка за правядзенне пікету ў інтэрнэце аштрафавала на 74 рублі непаўналетняга выпускніка Сярэдняй школы №2, сябра БРСМ, кандыдата ў майстры спорту па барацьбе ў грэка-рымскім стылі Сцяпана Падрэза. Аднак пастанова была прынята з грубым парушэннем дзейнага заканадаўства і была адменена Старшынёй Віцебскага абласнога суда. У хуткім часе адміністрацыйная справа Падрэза будзе разгледжана раённай камісіяй па справах непаўналетніх, як гэта патрабуе працэсуальны закон.
З пачатку года ў Віцебскім рэгіёне выяўлена і пакарана больш за 200 "экстрэмістаў"
За чатыры месяцы ў Віцебскай вобласці прайшло 225 судовых працэсаў, звязаных з прымяненнем ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць). 210 адміністрацыйных спраў былі разгледжаны судамі першай інстанцыі і 15 спраў у Віцебскім абласным судзе ў выглядзе скарг на рашэнні раённых судоў. У студзені было вынесена 16 пастаноў, адпаведна ў лютым-29, сакавіку - 108 і ў красавіку - 72. Суддзя Наваполацка Зінаіда Балаболава прыняла 27 пастаноў і стала абсалютнай рэкардсменкай сярод суддзяў, якія пакаралі грамадзян арыштамі і штрафам за праяву "экстрэмізму".