Ксёндз Павел Лемех з Шуміліна вымушана пакінуў Беларусь
Айцец Павел Лемех быў затрыманы сёлета 8 траўня разам з айцом Анджэем Юхневічам. Ён выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту, прысуджанага яму паводле ч. 2 арт. 24.23 КаАП, але пазней пакінуў Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу. Анджэй Юхневіч застаецца пад вартай у віцебскім СІЗА-2.
Актывіст запытаўся, чаму так шмат людзей прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за «экстрэмізм у інтэрнэце»
Дзмітрый Карняенка хацеў пачуць тлумачэнні пра тое, чаму назіраецца дзіўная тэндэнцыя: па ч.2 арт.19.11 КаАП у Віцебскай вобласці пакаралі ўжо больш за дзесятак асобаў, уганараваных званнем «Чалавек года Віцебшчыны» - здавалася б, самых адданых уладам людзей. Ці гэта ўзнагароджаныя страцілі сваю «высокую якасць», ці заканадаўства занадта строгае да тых, у каго знайшлі даўнія падпіскі на інтэрнэт-рэсурсы, прызнаныя пазней «экстрэмісцкімі».
Віцебскі ідэолаг перайменаваў свой відэаблог. І выступае цяпер ад імя абласной газеты
Спярша Святаслаў Міхайлаў, галоўны спецыяліст ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, назваў свой відэаблог даводлі няўцямна - «Свята место». «Трыбуну» для відэавыступаў - свой канал на відэахостынгу YouTube - яму прадаставіла абласная газета «Витебские вести». А цяпер ужо і назва відэаблога гучыць і выглядае іначай - «Вести не молчат».