Чытачам «Весніка Глыбоччыны» паказалі дакументы пра бюджэт. Ясней не стала
У раённай газеце апублікавалі дакумент пад назвай «Решение Глубокского районного исполнительного комитета «об изменении решения глубокского районного исполнительного комитета от 9 марта 2021 г. №201». Паводле юрыста, гэтае рашэнне інфармуе грамадзян толькі пра замацаванне за канкрэтным адміністратарам крыніцы даходаў раённага бюджэту, і хто з'яўляецца гэтымі адміністратарамі, да прыкладу, «група бухгалтарскай справаздачы і справаздачнасці райвыканкама»; «Аддзел архітэктуры і будаўніцтва»; «Аддзел землеўпарадкавання» і г.д. Разумення бюджэтнай палітыкі простаму чытачу гэта не дадае.
Суды «за распаўсюд экстрэмізму ў інтэрнэце» працягваюцца: цягам мінулага тыдня іх было мінімум 15
Суды паводле ч.2 арт.19.11 КаАП працягваюцца, і іх колькасць не змяншаецца. Паводле адкрытых крыніц інфармацыі, на мінулым тыдні яны адбыліся ў Чашніках, Оршы, Віцебску, Мёрах, Браславе. «Працоўны рэкорд» ўстанавіла суддзя віцебскага суда Чыгуначнага раёна Алена Цыганкова: за адзін дзень яна правяла 5 судовых працэсаў.
Віцебскае аддзяленне партыі «Белая Русь» арганізавала курсы падвышэння кваліфікацыі для праўладных партыйцаў
Праект пад назвай «Партийная школа» цяпер дзейнічае ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце. Яго прымеркавалі да будучых прэзідэнцкіх выбараў. «У гэтых умовах мы вырашылі сабраць актывістаў грамадскіх аб'яднанняў, партый, каб пагаварыць аб тым, якім чынам і ў якой форме выстойваць палітычную сістэму Рэспублікі Беларусь, акрэсліць ролю і месца структур грамадзянскай супольнасці»,-- заявіў першы спікер партыйных курсаў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, сябра Вышэйшай палітрады партыі «Белая Русь», кіраўнік абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Дзмітрый Дзямідаў.